Публикации

  1. «Маiм барам звiнець - не адзвiнець...»

 

Михась Рудковский17 апреля исполняется 75 лет со дня рождения замечательного поэта, нашего земляка Михася Рудковского.

Михаил Михайлович Рудковский родился в деревне Остров Ганцевичского района, окончил Пинское педагогическое училище, недолгое время наставничал в Куковской семилетней школе на Ганцевщине, затем также недолго поработал литсотрудником местной «районки», а в самом начале шестидесятых прошлого столетия поэт приезжает в Брест, куда его пригласили на работу в создаваемую здесь областную студию телевидения. Работая редактором, а затем старшим редактором литературно-драматического вещания, поэт и журналист Михась Рудковский создал ряд документальных фильмов, огромное количество литературных и краеведческих передач, которые были высоко оценены современниками, повлияли не на одну судьбу.

Для многих, в том числе и для меня, Михась Рудковский стал и первым НАСТОЯЩИМ литературным наставником. К слову, поэт долгое время был внештатным литературным консультантом «Зари», отвечал на письма стихотворцев из глубинки, начинающих авторов, для многих из них он открыл мир Поэзии. Тогда же М. М. Рудковский заочно окончил филфак Брестского пединститута.

Первая книжка стихов, которую он весьма символично назвал «Першыя вёрсты», вышла в 1963 году, когда Михась Рудковский уже жил и работал в Бресте. Впрочем, с городом над Бугом связана вся его дальнейшая жизнь. Увы, не такая уж долгая и совсем не простая, как сегодня это кому-то кажется. Но... цель этих скромных заметок – вспомнить нашего славного земляка, а не биографическое исследование жизни и творчества этого, безусловно, замечательного поэта и прекрасного человека. Конечно, Михась Рудковский своей жизнью и творчеством заслуживает настоящего, классического исследования, заслуживает и того, чтобы в Бресте наконец-то по-настоящему увековечили его имя. Что, хочется думать, и будет сделано в будущем.

На зялёным узгор’i Прыбужжа,

Ля пушчанскiх зялёных застаў,

Берасцея, высокi i дужы,

У зямлю першы камень паклаў.

Я не знаю другого поэта, который столько бы стихов посвятил родному краю, Полесью, Беловежской пуще, Брестчине вообще. Конечно, все это не случайно, все имеет определенный, я бы сказал, сакральный смысл. Кстати, Михась Рудковский – первый, как это принято говорить, профессиональный поэт, который жил и работал в Бресте, да и на Брестчине вообще. Думаю, это не малого стоит, по крайней мере, памяти о поэте – однозначно! Это потом уже, следом за Михасём Рудковским, появились у нас действительно СВОИ поэты – Нина Матяш, Иван Арабейка, Виктор Гордей, Микола Прокопович, Алесь Каско, Зинаида Дудюк... Но первым, повторяю, был Михась Рудковский. Для многих он и по сегодня – ПЕРВЫЙ! Правда, справедливости ради, следует вспомнить старейшину «берасцейскай паэтычнай сябрыны» Миколу Засима. Но тут же следует оговориться, Микола Засим был не столько поэтом «берасцейскiм», сколько советским. Это не умаляет его заслуг, но первенство лично я отдаю Михасю Рудковскому – воистину родному поэту «роднага краю».

Даже по той простой, на первый взгляд, причине, что, по сути, и жизнь свою, и свое творчество посвятил Западному Полесью, родному «Берасцейскаму краю». В подтверждение сказанному приведу названия его книг – «Першыя вёрсты» (понятно, первые версты – это всегда на родине); «Сiнiя Брады» (тут также объяснять ничего не надо); «Позвы» (позывные отцовского дома, материнских глаз, любимой женщины, Родины); «У краi тым...» - без комментариев; «Векавечная Бацькаўшчына» - без лишних слов все понятно; «Трыгор’е» (поэт сам в одноименном стихотворении объяснил: Трыгор’е... Тры гары i тры далiны, Дубы - як вежы, травы – да калень». Так что здесь тоже понятно, какое «Трыгор’е» имел в виду поэт); «Засцярога» - эта книга 1984 года заслуживает отдельного разговора. Михась Рудковский назвал ее так, предупреждая нас о том, что бесцеремонное отношение к родной земле, ее природе может обернуться большой бедой. А получилось... Не прошло и двух лет, «бухнул» Чернобыль. Вот и говори после этого: нет пророка в своем Отечестве... Свою последнюю книгу поэзии Михась Рудковский назвал «Горынь». К сожалению, книга вышла в 1992 году, спустя год после ухода из жизни Михася Рудковского. Впрочем, поэты не умирают. Такие, как Михась Рудковский, – вне всяких сомнений!

Маiм барам звiнець – не адзвiнець,

Маiм крынiцам лiцца – не пралiцца.

Ёсць пад карой i ў каранях жывiца –

Жыць будзе дрэва: лесу – зелянець!

Хаця вятры ў няласкавых стагоддзях

Зямлю маю астуджваюць-халодзяць,

Не прападу я – ўнукам прарасту,

Як поле жытам, як застолле песняй, -

Упаду – ўстану, згiну – ўваскрэсну.

Як колас, я жыву начыстату.

Или вот еще - из стихотворения «Роднаму краю»:

Час праб’е – і я вярнуся ў прах.

Не паспеў, хоць я i прагнуў, зведаць

Самых-самых тайн тваёй душы...

Усё прыму: i горычы, i беды –

Зведаю!.. Цяпельца не тушы...

Не, не ўсё ва мне, смяротным, прах.

У любовi да цябе прызнанне -

Знiчкай хай, - ды ўспыхне ў тумане

I ў далёкiх ад мяне гадах.

Впрочем, у Михася Рудковского много воистину пророческих стихотворений, строк. В небольшом, в четыре строки стихотворении «Як запавет» он сумел выразить столько, что иные стихотворцы в огромных поэмах сказать не могут:

Запомнiлася гэта як святыня,

Як бацькi запавет: кiм ты б нi стаў –

Адной рукой гайдай калыску сына,

Другой – магiлу дзедаву папраў...

Читайте Михася Рудковского, гордитесь: у нас есть ПОЭТ!

Валерий ГРИШКОВЕЦ, «Заря»

  1. Чатыры песні Міхася Рудкоўскага

 

Сапраўдны рамантык, летуценнік і аптыміст, Міхась Рудкоўскі, хаця мы зналіся і сябравалі добрую чвэрць веку, ні ў маладыя, ні ў сталыя гады, здаецца, ні разу не паскардзіўся на сум і адзіноту. Ды гэтая скарга ўсё часцей і часцей, а з узростам дык асабліва, прарываецца ў ягоныя вершы, і сёння, калі перачытваеш напісанае, дакладней, выпакутаванае ім, без ніякага ценю сумнення пераконваешся: такі паэт нам быў патрэбны, і ён прыйшоў, і сказаў свае, Богам дадзеныя, словы, нягледзячы на крутыя павароты ўласнага жыцця. Не ведаю, пра каго тут правільней гаварыць — ці пра самога творцу, ці пра яго лірычнага героя, але сапраўдным згусткам болю і горычы стаў непадробна шчыры «Самотны санет» з кнігі «Засцярога». Ён, мусіць, і напісаўся ў вусцішную, трывожна-роздумную ноч, «калі аціхне горад і Мілавіца свеціцца ў акне», а былое і перажытае з неадчэпнай думкай пра наканаванасць лёсу аж да золкага світання стаяць перад вачыма.

...I дзень за днём — нібы за кропляй кропля,

I дзень за днём — нібы за лістам ліст...

Душа тупее, гасне, гасне мысль,

I небасхіл сціскаецца да кропкі.

 

Тут я чужы

I там амаль чужы,

Тут — самавязень,

Там жа — госць нязваны...

Як позна-позна

і так рана-рана!..

Далёкая, прашу: дапамажы!

Збавеннем для спакутаванай і збалелай душы заўсёды былі вершы — вершы без фальшу і гучных падробак, і, можа, іменна таму ў паэзію Міхася Рудкоўскага ўваходзіш як у храм гармоніі і хараства, праўдзівай спавядальнасці і ачышчэння душы, рамантычна-ўзнёслых і ўзвышаных пачуццяў. У храме, між іншым, ёсць месца прароцтву. На першы погляд, нявінны радок «Паэт — агонь, таму згарэў так рана» ў свой час выклікаў пратэст у шаноўнага крытыка Уладзіміра Калесніка, які залічыў яго на кошт звычайнай творчай дэпрэсіі. Аднак праўда за Міхасём Рудкоўскім: паэт — агонь. Здзіўляе, што эпіграфам да «Самотнага санета» ён паставіў словы М. Лынькова: «Як позна-позна! I як рана-рана!» Думаецца, не крызіс, а глыбокая душэўная патрэба стала прычынай для напісання верша «Прад тым як упасці», напоўненага трывожным клопатам пра смутак і плён сваей паэтычнай працы. Гэты верш настолькі ёмкі, так густа «замешаны», што вырваць з тэксту нейкі асобны радок проста немагчыма, таму прывяду яго цалкам:

Прад тым як упасці,

Навекі прапасці,

Песні чатыры хацеў бы я скласці.

Найперщая песня —

Маці,

Што ў муках мяне нарадзіла;

А песня другая —

Айчыне,

Што сілу дала мне і крылы;

А трэцяя песня —

Каханай,

З якой і ў нягодах быў шчасны;

Чацвёртая —

і апошняя —

Сонцу,

Каб людзям свяціла ўсёчасна,

Бясконца.

Ці ўспею іх скласці,

Не знаю, не знаю,—

Паціху складаю...

Сваю найпершую песню, прысвечаную Маці, Міхась Рудкоўскі склаў, прынамсі, паспеў скласці, таму што гэты светлы і мілы вобраз, як і ўвогуле вобраз беларускай жанчыны, жыве пастаянна ў вершах паэта, найбольш поўна і ярка паўстаўшы ўжо ў другой яго кнізе «Сінія Брады». Мясцовыя назвы родных краявідаў — Залаты Бераг, Сінія Брады — толькі ўзмацняюць яркую метафарычнасць паэтычных радкоў, а вобраз Маці — не проста сімвал. «У хвіліну трудную, у часіну шчасную» Міхась Рудкоўскі не раз вяртаецца дадому, на свае сінія і родныя брады, якія сталі для яго «як замова матулі ад напасці-бяды». I перад ёю, самай дарагой на свеце жанчынай, удзячны сын у неадплатным даўгу: «за кожную ноч, што ты недаспала, у калысцы мяне люляючы», «за кожны хлеба акраец, што ты не з'ела, на дарогу мне пакідаючы». Маці памалілася «травам, дрэвам і птушкам», каб «безнадзейна хворы» ён вочы расплюшчыў, а суседка патушыла свечку, маці памалілася сонцу, каб «з разбітай у кроў галавою» ён падняўся з зямлі. Можа, таму найпершая песня Міхася Рудкоўскага такая шчымлівая, непадкупная, поўная гарачай сынавай любові, і ўсё часцей, праз гады і далягляды, у яе стрыманае, засяроджанае гучанне ўрываюцца трывожныя ноткі — прадвеснікі трагічных дзён і блізкага расстання.

Так, гэты «свет чысты — чысты, быццам бы крышталь», і ў ім спакойна, без тлуму, вольна плывуць аблокі і думы, плывуць яны ў незасмужаную даль — «у край бароў жывых, жывых крыніц», што бруяцца золатам зары. Паэтычны слоўнік, навеяны роднымі мясцінамі, любімымі вобразамі і з'явамі, што наогул характэрна для творчасці Міхася Рудкоўскага, яшчэ нічым не выклікае насцярожанасці і трывогі, калі не лічыць, нібы сказанага мімаходзь, напамінку пра «край абеліскаў, курганоў, крыжоў». I раптам, праз шматкроп'е, з новага радка, нечаканае, трагічна-журботнае прызнанне: «Каб маму мог — на міг — з зям'лі падняць я, — я куліком у той бы край пайшоў...» Непазбежнасць апошняй дарогі ў зямным жыцці, а іншы раз і проста ў зямным існаванні, пачынае яскрава ўсведамляцца адразу, як толькі там, у роднай вёсцы, пад белымі бярозамі, не стане жанчыны, якая малілася за цябе «травам, дрэвам і сонцу»:

Прыедзеш дадому, у кут запаветны —

Як брата цябе сустракаюць.

Хапае ўсяго ў застоллі прыветным,

I толькі яе не хапае.

 

I добра табе, і гасцінна ў хаце,

Ды толькі (ці гэта здаецца?)

Чамусьці бацькоўская хата без маці —

Што грудзі жывыя без сэрца.

Перад вяртаннем на Векавечную Бацькаўшчыну, так, дарэчы, называецца адна з кніг Міхася Рудкоўскага, паэт раней выціраў ногі, выціраў душу, бо «што маме добрай я сваёй скажу?», ды і пазней прага самаачышчэння не прайшла, хоць у старой, з буслянкай, хаце няма ўжо бацькі, няма і маці, а сказаць «Дзень добры» можна толькі бярозе, якая «над маленствам маім стаяла, пяшчотная, добрая, быццам матуля, стаяла...» Вобраз бярозы, што сапраўды расла каля весніц, тут невыпадковы: раз за разам, паступова — ад згадак пра маці, успамінаў пра яе нязгойны смутак — вобраз гэтай белай бярозы ператвараецца ў ёмісты, маштабны вобраз «нескаронае воляй і духам» зямлі Скарыны і Купалы, дзе паэт «усюды знаходзіў гасціннасць і шчырасць», бо і падымалася, мужнела родная Беларусь працай дзеда, які «гартаваў і сярпы і нарогі», працай бацькі, які тут «крочыў з сяўнёй».

У кашулі з шаўкоў

белавежскіх спакойна-блакітных,

Падперазаны Нёмнам,

спаткаўшы світання зару,

3 галавой непакрытай,

з душою, бы неба, адкрытай,

Як з матуляй, з табой

я іду,

гавару

і твару.

Найпершую песню — песню Маці — праспяваў Міхась Рудкоўскі на адным дыханні, моцным, роўным і заўсёды ўсхваляваным голасам, «а песня другая — Айчыне, што сілу дала мне і крылы». Паэт, як сказаў пра яго Ул. Калеснік, — «рыцар шчырасці, сумлення і красы», сваю другую песню, пачаўшы яе ў «Першых вёрстах», напоўніў роснай свежасцю ў «Сініх Брадах», значна расшырыў у «Позвах», напаіў чыстымі крыніцамі ў «Векавечнай Бацькаўшчыне» і да высокага мастацкага гучання давёў у наступных паэтычных зборніках «Трыгор'е», «Засцярога» і іншых. Без сумнення, сімвалам Айчыны для яго стала метафара Сінія Брады, і гэта не алегорыя, не мастацкі троп, а жывая і чарадзейная вада, у якую трэба апусціць далоні, і «рукі не могуць зрабіць справы бруднае», да струменьчыка тае вады трэба дакрануцца сэрцам, і «сэрца будзе да скону шчырае». Дзіця вайны, Міхась Рудкоўскі, уваходзячы ў паэзію разам з першым пасляваенным прызывам, аддаў належную даніну тэме мужнасці і гераізму, бо шчыміць і баліць незагоеная рана, нічога не можа забыць не такая ўжо і наіўная дзіцячая памяць:

Суніцамі пахне даліна...

Свой статак пусціў я на верас,

а сам па акопах зарослых,

без шапкі і босы, я лажу,

рву ягады, кідаю ў рот,

Смяюся вавёркам і сонцу...

і раптам

зубы сціскаю ад болю:

скручаны дрот мне ўпіваецца ў ногі

дзесяткамі стоеных джал.

Я плачу...

Суніцамі пахне Айчына...

Вершы пра мінулую вайну ў творчай спадчыне Міхася Рудкоўскага займаюць увогуле нямнога месца, і хоць сапраўдных удач і знаходак тут даволі шмат, але нават сярод іх модным, сканцэнтраваным пачуццём усё ж вылучаецца «Балада пра маіх аднагодкаў». Размова ў ёй ідзе пра спаленую фашыстамі вёску Красніцу, што стаяла непадалёк ад Выганаўскага возера, і «тут, на месцы вёскі, сёння сасоннік стаіць — гонкі, балючы сасоннік». Спыніся, паслухай — кажа паэт. «То не сосны рыпяць — асверы, то не глушцы будзяць зоры — пеўні, не званочкі глядзяць — а вочы, вочы смутныя хлапчукоў, што навек засталіся імі — грыбнікамі і пастушкамі...» Вёска згарэла датла, ляжыць галавешкамі пад сухой ігліцаю, і тут, на месцы Красніцы, «плакун-травы і сёння плачуць па маіх аднагодках страчаных, што не ў вёснах — у сэрцах жывуць». Мусіць, невыпадкова многія свае вершы, навеяныя ўспамінамі ваеннага дзяцінства, паэт называе баладамі — «Балада пра мужнасць», «Балада пра палаючы ліст», «Балада тыфознай зімы 44 года», «Балада пра несмяротнасць», аднак і тыя вершы, у якіх спецыяльна не падкрэсліваецца іх жанр,— «Бабіна лета», «Ліпеньскі роздум», «Каменні цытадэлі», «Размова з доктарам Ветцалем», таксама нясуць яркія прыкметы балады — перш за ўсё драматычна-напружаным сюжэтам, героіка-рамантычнай прыўзнятасцю, сціпласцю і дакладнасцю кожнага слова.

Нават не называючы вялікую колькасць напісаных ім цудоўных балад, можна смела сцвярджаць, што Міхась Рудкоўскі з'яўляецца выдатным майстрам гэтага ліра-эпічнага жанру, хоць аднолькава падуладны яму быліны, легенды, біблейскія і касмічныя міфы. Проціпастаўленне дабра і зла, матывы вернасці і здрады, закляцці і элементы чарадзейства — не проста фальклорныя прыёмы, а сведчанне цеснай сувязі паэта з роднай зямлёй, на якой у рэшце рэшт і нараджаюцца героіка-рамантычныя балады, глыбока патрыятычныя быліны і паданні. Узорам высокага служэння Айчыне можа стаць, напрыклад, «Берасцейская быліна», дзе міфічны «Берасцея, высокі і дужы, у зямлю першы камень паклаў». Прайшлі вякі, «над Бугам пазвоньваюць бомы», «Бугам легенды плывуць», а «між скруткаў калючага дроту на бужскіх сівых берагах парос крапівой і асотам чужынцаў няпрошаны прах...» Паэт-рамантык з родным берасцейскім краем мае трывалую генетычную крэўнасць, часта звяртаецца да сваіх вытокаў і каранёў, дык, можа, таму сказ пра Бацькаўшчыну ў ягонай паэзіі такі непадкупна шчыры, усхваляваны і цэласны. Айчына перад вачыма летуценніка паяўляецца то ў постацях не адзін раз апетай ім бярозы-маці і суцішна-сарамлівай алешынкі — «сіраты Алесенькі», то ў вобразах таго ж легендарнага Берасцеі і не менш легендарнага дзеда — простага каваля:

Мой дзед быў сельскім кавалём,

кавальскай справы каралём:

калі каваць — ужо каваў,

не ў хаце — ў кузні начаваў,

а баляваць — дык баляваць

і дзень, і два, і тры, і пяць.

Па-быліннаму разняволены і напеўны пачатак гэтага хрэстаматыйнага верша нагадвае вядомыя беларускія народныя казкі, ды ўсе яны, сучасныя волаты і асілкі — салдаты, ратаі, жывуць і працуюць на той зямлі, дзе ў паэта застаўся бераг дзяцінства — бераг выраю, бераг Айчыны. Там «глуха, глыбінна ўздыхаюць курганы, і коні былінна храпуць у тумане». Там жа, на беразе дзяцінства, ёсць сяло па-над Начанкай-ракой, і яму непасрэдна Міхась Рудкоўскі прысвяціў два вершы — «Востраў» і «Мой родны Востраў». Паміж гэтымі творамі ляжыць вялікая адлегласць і ў часе, і ў прасторы. Першы Востраў сваім птушанятам, што паляцелі з яго, як з гнязда, слаў лісты, кавалкі сала, а потым дарослыя ўжо мужчыны, пабачыўшы ўсяго, «нібы зайцы ад паху канюшыны», п'янеюць у яго ваколіцах. Другі Востраў — не толькі святыня, не толькі зямля кавалёў і ратаяў, але яшчэ і сівы мудрэц, які даў паэту крылы, даў імя і зрок, даў, урэшце, ліру, «і ліра тая, пэўна, значыць штось».

Песня Айчыне, хоць і засталася недапетай па волі лёсу, нясе ў сабе навізну думак, суразмернасць зместу і формы, што, зрэшты, уласціва любому высокаму мастацтву, але ж ёсць у Міхася Рудкоўскага і яго трэцяя песня — «песня Каханай, з якой і ў нягодах быў шчасны!» Рамантычны тып кахання, прапанаваны паэтам, вызвалены ад цялеснай замілаванасці: у ім гарэнне душы, чалавечнасць любоўных адносін, узвышэнне інтымных сімвалаў, якім, здаецца, няма і не будзе канца. Жыццё і шчасце побач ідуць там, дзе іх праз церні і пакуты вядуць светлыя, шчырыя пачуцці, роднасць сэрцаў і духу. На гэтай няроўнай, выбоістай дарозе знікае ўсё ліхое, сціхае боль. Песня Каханай мае глыбокі лірычны зачын, трывалыя карані, якія з мораку летніх начэй прабіліся калісьці ў родным Востраве, але ўжо тады, у далёкім юнацтве, на небасхіле паэта завіхрыліся, праплылі першыя шэрыя хмурынкі:

Ты пайшла.

Не сказала на ростань ні слова.

I няхай!..

Я не стану прасіць,

бо кахання — не просяць. 

Напэўна ж, у лірычнага героя Міхася Рудкоўскага быў свой ідэал дружбы і сяброўства, кахання і вернасці, які ён імкнуўся зразумець усё жыццё, і гэты ідэал ужо на самым пачатку быў ахоплены таемнасцю і рамантычнай узнёсласцю: «Тут, чорт вазьмі, у русалку верыш, як у суседаву дачку». Каханая ішла да яго з «цемры густых першародных лясоў», і той, да каго яна ішла, пазіраў на яе «з надзеяй адзінай — спаткаць твае шэрыя вочы, спаткаць твае ціхія рукі, спаткаць твае губы — каліны». Яна прыйшла, сустрэлася на маленькім паўстанку, «уся ў блакіце і сонцы», але хмурынкі тыя згушчаюцца больш і больш, крыўднае чакае расстанне з Каханай — аднаму не хопіць мужнасці вярнуць, паклікаць з пушчанскай цішы, другому штосьці перашкодзіць азірнуцца, і аднойчы з навярэджанай душы вырвецца горкае прызнанне:

І шкадую я

і не шкадую;—

не паправіць таго у жыцці:

адпусціў я цябе, маладую,

назаўсёды цябе адпусціў...

Рамантычная лірыка кахання, якая ўмясцілася ў прамежку паміж далёкімі па часе напісання «Баладай пра маю каханую» і пранізлівым, да болю адчайным вершам «Прыйдзі!», усё ж поўніцца чысцінёй пачуццяў, хараством і пяшчотай, выкліканых зачаравана-мройным вобразам любімай жанчыны. Яна, гэтая жанчына, прыходзіць уначы і дасвеццем, прыходзіць у сне і наяве, яна жыве ў кожным вясеннім і асеннім успаміне, і лірычнаму герою паэта ўсё зразумела: «Кахаць цябе — забыць сябе самога, згубіць цябе — у вечнай скрусе жыць, бадзяцца блудным ценем па дарогах». Сны, у якія прыходзіць Каханая, заўсёды фантасмагарычныя, імпульсіўныя і нейкія надта ж прарочыя:

А будзе:

ў справядлівай барацьбе

Я абламлю слабеючыя крылы,

I упаду, і ўстаць не мецьму сілы —

Прашу: прыйдзі!

Прыйдзі і на магілу

Усё той трывожнай,

маладою,

мілай, —

Знай: я ўсяго сябе

аддаў табе...

Ці трэба гаварыць, што песня Каханай ад верша да верша, ад юнацкіх да сталых вёсен неўпрыкмет перарасла ў сапраўдны гімн каханню, да таго ж і асветленаму чацвёртай, і апошняй, песняй — «песняй Сонцу, каб людзям свяціла ўсёчасна, бясконца». У паэзіі Міхася Рудкоўскага сонца — не проста нябеснае цела, яно — крыніца нялёгкага шчасця, акрамя ўсяго іншага, гэта асаблівы прадмет пакланення і захаплення паэта, аб чым сведчыць, напрыклад, яго чароўная «Балада пра купальскае сонца». Язычніцтва тут, зразумела, ні пры чым, ды ўсё ж дух продкаў не раз ажыве ў вершах вандроўніка, пакліча да першаасноў, да вытокаў. «Вогнішчаў сотняў — не меней — грае язычніцкі Ян...» На ўзлессях зялёных «начлежнік, бадзяга бывалы» колісь сядзеў са Сварогам, кідаў карчы ў агонь і бачыў, як «стрэлаў дождж з гары пусціў Ярыла». Блукаючы, нібы «запознены Лель», у лясах, сярод красак і фарбаў лета, аднойчы паэт спыніцца каля крыніцы, на мяжы адвечнае зямлі, вады і неба, развяжа кайстру, і на яго «чале яшчэ адной маршчынкай ляжа дума».

Песня Сонцу — зноў жа, метафара, абагульнены вобраз хараства, а складаецца яна з дзівосна інструктаваных паэтычнымі тропамі вершаў пра беларускую прыроду. Міхась Рудкоўскі не маляваў проста пейзажы: на фоне ялін, сосен і бяроз праходзяць «горычы ўчарашнія і боль, і не гняце нішто мяне, не мучыць». Прыгажосць бацькоўскай зямлі лечыць, вызваляе ад змрочных дум, вяртае да радасці жыцця. Эстэтыка пейзажнай лірыкі для паэта — у ачышчэнні душы, абнаўленні пачуццяў, і яна прасціраецца далёка за межы родных ваколіц і аселіц. Многія творцы Брэстчыны складалі, часам і неблагія, панегірыкі Белавежскай пушчы, але пальма першынства, слава адкрыцця яе шырокаму чытачу, безумоўна, належыць Міхасю Рудкоўскаму. Вершаў, прысвечаных Белавежы — старажытнаму і да канца не асэнсаванаму краю, у паэта вельмі шмат, і кожны з іх лепшы за папярэдні — «Балада пра пушчанскі спакой», «Апошні блакітны алень», «Зубр-адзінец», «Буслы», «Лясная элегія», «У лясах», нарэшце, у нейкай ступені вызначальны, праграмны верш «Чытаю па складах і думаю...»

Мы помнім выразна і свежа,

што спее ў Турцыі ў садах,

а казку дзіўнай Белавежы

ледзь разбіраем па складах.

I ўсё часцей — не без падставы —

на думцы я сябе лаўлю:

як не хапае нам настаўнікаў,

што знаюць родную зямлю,

яе красу, яе багацці

і песні вечнай дабраты...

Яшчэ неяк раней Міхась Рудкоўскі зазначыў: «Свет ўсё-такі стаіць на трох кітах: на дабраце, на працы, на любові», але, дарэчы, пра Турцыю. Марна думаць, што вершы паэта маюць быццам звужаныя рамкі, умяшчаюцца толькі ў аб'ём, акрэслены роднымі даляглядамі і той жа Белавежскай пушчай. Адкуль тады ў ягонай паэзіі Куінджы-геній і нерашучы Радэн, сляпы Гамер і глухі Бетховен, чысцюля Луі Пастэр і ўсемагутны Архімед? Далёка сягала думка паэта. Ён мог уздзець на сябе тогу лянівага рымскага Патрыцыя, асядлаць дон-кіхотаўскага Расінанта, на роўных паразмаўляць з Плініем Старэйшым. Ды нязменна з берагоў Грэнады і сонечнай Таўрыды, з касмічных вышынь («Балада пра камету») усе чатыры песні Міхася Рудкоўскага вяртаюцца на кругі свае, да родных вытокаў і крыніц.

Як бачна, даволі шырокая геаграфія паэтычных пошукаў змусіла творцу шукаць і новыя формы падачы матэрыялу. Акрамя традыцыйных ямбаў і харэяў ён карыстаецца верлібрам і белым вершам, дакладнай рыфмай і асанансамі, зломамі рытму і, як заўважыў Ул. Калеснік, «робіць гэта заўсёды з асцярогай, добраю мерай». Асвяжэнню зрокавых і славесна-гукавых вобразаў, ужыванню нечаканых метафар і алітэрацый садзейнічала плённая вучоба ў выдатных майстроў слова, творчае засваенне і асэнсаванне іх вопыту. Схільнасць да сімвалаў, маштабнасць бачання свету — гэта, безумоўна, ад А. Блока, элегія, санет, трыялет — ад М. Багдановіча, яркая метафарычнасць, вобразнасць пісьма — ад М. Танка, рамантыка дарог, чуйны водгук на галасы продкаў — ад Ул. Караткевіча. Ды самым лепшым настаўнікам Міхася Рудкоўскага, вядома ж, была зялёная бацькоўская зямля, дзе і сам паэт у ляску над Начанкай-ракою знайшоў свой вечны прытулак.

Як ціха! Спакой твой ніхто

і нішто не трывожыць.

Залётная хмарка

махне лебядзіным крылом,

Ды добрая пташка зязюля

вясной паварожыць. 

Тут, у лясах, на роднай Ганцаўшчыне, незабыўны Міхась Рудкоўскі знаходзіў росныя, сакавітыя словы, «бы ягады на голлі бруснічніку», і яны, тыя словы, «асыпаліся па вечарах за вёскай зіхоткімі знічкамі». Дзесьці тут кожны свой верш, што сам прасіўся з сэрца, ён сустракаў, быццам салдата з яго «незарубцованай ранай». Ды вось яшчэ. Слынны творца любіў паўтараць уласнае выслоўе: «Паэзія — пціца нябесная». I гэта — праўда. Светлая, чыстая душа паэта, падняўшыся ў нябёсы, як птах, самотна кружыцца «па-над полем стомлена пакорным», над рабінай і «верасу дымком», над забытым з восені стажком, кружыцца, на усе вякі неспатоленая, «над ляском, дзе журацца крыжы...» Там, на радзіме, створаны літаратурны музей Міхася Рудкоўскага і ягоным імем названа Востраўская сярэдняя школа.

Віктар ГАРДЗЕЙ

  1. Вытокі шчырай мудрасці

 

Неразгаданай загадкай застаецца для сацыёлагаў культуры выхад у свет пасляваеннага пакалення беларускіх паэтаў. Без любові народжаны, халодны бог вайны Марс як бы знямогся і адумаўся ў агні сусветнай бойні ці напалохаўся прывіду новай, атамнай, калі пакінуў столькі даравітых, чулых сэрцам дзяцей, прызваннем якіх стала асуджэнне вайны, стварэнне новага свету без войнаў і сябе ў тым свеце, дзе творчасць прызнаецца адзінаю мэтай і сутнасцю.

Міхась Рудкоўскі належыць да першага пасляваеннага прызыву беларускіх паэтаў, але ў літаратурны строй стаў пазней за сваіх равеснікаў. Паходзіць ён з мясцін, якія Якуб Колас ахрысціў глыбінкай Палесся, адтуль і шлях да Парнасу быў даўжэйшы і тэмпы росту традыцыйна замаруджаныя. Родная вёска паэта Востраў знаходзіцца на беразе Начы, не надта далёка ад Люсіна, куды царскія ўлады ў свой час саслалі Я.Коласа за падбухторванне сялян да бунту супраць пана Скірмунта. У рамантычнай лясной глухамані пад Люсінам складваўся лёс Андрэя Лабановіча, тут герой палескай трылогіі сустрэў як раўна недасяжную Ядвісю, тут народны інтэлігент спасцігаў радзіму, сваё месца ў змаганні за волю роднага краю.

Непадалёку адсюль знаходзілася вёска Вялікі Рожан, радзіма геніяльнага казачніка Рэдкага, шчасліва знойдзенага і адкрытага свету фалькларыстам А.Сержпутоўскім. Неверагодная рэч, што гэты край да Якуба Коласа ў вочы не бачыў жывога пісьменніка. Усё таленавітае, што тут нараджалася, ішло ў фальклор. Міхась Рудкоўскі, бадай першы па часе прафесійны паэт Ганцаўшчыны. Праўда, у яго аказаўся ўжо літаратурны настаўнік, дарадчык і апякун, гэта быў вядомы журналіст, улюбёны ў Палессе краязнавец і пісьменнік, Васіль Праскураў. Кіруючы рэдакцыяй раённай газеты, ён выводзіў у людзі многіх, надзеленых іскрынаю таленту, юнакоў — Віктара Гардзея, Уладзіміра Марука, Алеся Каско — цэлую плеяду паэтаў Ганцаўшчыны. Гэты куток палескай цаліны вякамі накопліваў творчыя сілы, каб, абудзіўшыся ў добры час, закаласіцца ядраністым калоссем вобразаў.

Пазней ужо, запытаўшыся неяк, што было б, каб не было ў яго такога паэтычнага краю дзяцінства і ганцавіцкай літаратурнай школы ў юныя гады, паэт адказаў шчыра і ўдзячна:

Відаць, я б жыў, відаць бы, не загінуў,

пісаў бы вершы, сена ў копы клаў, —

ды толькі не такой была б Айчына,

і песня б незакончанай была.

Па адукацыі М.Рудкоўскі настаўнік, скончыў Пінскае педвучылішча, затым завочна філфак Брэсцкага педагагічнага інстытута. Нейкі час вучыў дзяцей у Кукаўскай сямігадовай школе, але цяга да паэзіі, патрэба выказаць сябе родным словам прывялі яго ў рэдакцыю ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда». У 1963 годзе выйшла яго кніжка вершаў «Першыя вёрсты», якую заўважылі чытачы і пісьменікі. Сярод іх і Піліп Пестрак. Праўда ацэнкі зборніка разышліся: адны хвалілі пачаткоўца за свежасць голаса і прадказвалі добрую будучыню, другія вытыкалі яму літаратурнасць, перайманні. Праўда была пасярэдзіне, прычына няроўнасці твораў ляжала ў натуры юнага аўтара, скасаванага сарамлівай нясмеласцю перад аўтарытэтамі. Але ўжо выбар літаратурных настаўнікаў гаварыў пра добры густ і нестандартны характар; Рудкоўскаму імпанавалі рамантычная парывістасць У.Караткевіча і шырыня погляду на свет, арганічная народнасць М.Танка.

У першай кніжцы М.Рудкоўскі ўхваляе даброты калектывізму, ён гатовы за кампанію пагадзіцца на звычайнасць свайго жыцця: «юнацтва ў мяне такое, як у многіх». Трэба сказаць, сціпласць тут большая, чым у героя казкі Рэдкага Іваньчыка, які асмеліўся сказаць старому пчаляру, што не жадае ісці следам за дзедам. Рудкоўскі, зразумела, не мог застацца адным з многіх і не застаўся, яго юнацтва толькі па ўмовах і знешніх праявах было звычайным, дэмакратычна-свецкім, але па інтэнсіўнасці перажывання і асэнсаванні навакольнага свету яно было адметным, таму і пакідала на сабе сляды ў паэзіі. Адметнаю рысай таленту М.Рудкоўскага станавілася шчымлівая цнатлівасць пачуцця, адчуванне зрошчанасці свайго лёсу з лёсам народа. Відавочна, самым змястоўным творам першага зборніка быў верш «Бабіна лета», які падхопліваў журботнае галашэнне салдатак, удоваў па абарваным вайною шчасці:

А ў нас у сяле ў кожнай хаце дзесятай

Не прычакала жанчына салдата.

Другая кніга «Сінія брады» — гэта пашпарт мастацкай сталасці аўтара. Праца над ёю заняла чатыры гады, многія творы зборніка раней прайшлі апрабацыю ў перыядычным друку і дазволілі пісьменніцкай грамадскасці паўней пазнаць і дружней прызнаць творчы дар паэта. М.Рудкоўскі быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Найбольш важным паказчыкам сталення таленту было тое, што паэт убачыў тры эстэтычныя крыніцы ў роднай зямлі: першая — самавітае жыццё палескай вёскі з яе працоўна-патрыярхальнымі цнотамі, звычаямі, казачнымі традыцыямі, культам праўды і дабрыні; другая — яшчэ жывая балючая рана адгрымелай вайны і пераходзячая ў легенду памяць пра яе ўдзельнікаў, герояў і ахвяр; трэцяя была экзатычная прырода Палесся, ад Пінскіх балот да волатных дубоў і зуброў у Белавежскай пушчы. Кожная з названых крыніц уносіць брую ў «Сінія Брады» — па некалькі змястоўных і паказальных для М.Рудкоўскага вершаў.

Шырока, з былінным распевам пачынаецца кніга:

Мой дзед быў сельскім кавалём,

кавальскай справы каралём:

калі каваць — ужо каваў,

не ў хаце, у кузні начаваў...

Чытачу прыгадваюцца казкі Рэдкага пра мужнага каваля-волата і сказ Максіма Танка пра асілка Вяля, але не губляецца, а толькі адцяняецца асабісты тон і голас маладога аўтара, летуценнага, захопленага рамантыка, які слухае і, здзіўлены, чуе чарадзейнае рэха кавання, працяг дзедавага быцця на зямлі:

Сякеры гахкалі ў лясах,

звінела у лугах каса,

што дзед загартаваў;

падковай высякаў агонь

па кіламетры сотым конь,

што дзед мой падкаваў.

Паэтычная фантазія ператварае звычайнага каня ў міфічнага Пегаса. Нават гром, што прагрукатаў пад апусцелаю кузняй, здаецца грымучым стукатам малатка па кавадле. Тытульны вобраз зборніка — метафара Сінія Брады — азначае чарадзейную жывую ваду, у ёй адмывае паэт рукі ад бруду, што прыліп да іх у штодзённай мітульзе, ачышчае сэрца ад драбязлівых і нізкіх пачуццяў, ён заве да гаючых крыніц і чытача: «калі апускаў ты далоні у тую ваду — рукі не могуць зрабіць справы бруднае».

У вершы «Сны» фантазія паэта ідзе сцяжынамі касмічных міфаў. Мастак — гэта чалавек, які здольны сніць наяве, але паэтычныя сны не адводзяць ад жыцця, а мацуюць духоўную сувязь з зямлёй. У трывожных снах юнака праглядае лёс планеты. Паэт — рыцар шчырасці, сумлення і красы — ідзе па зямлі і натхнёнаю ўсмешкай сунімае драпе-ніцтва, спыняе справу зла:

Крочу я з усмешкай у вачах

праз варожасць, недавер'е, страх,

і — о цуд! — знікаюць ночы цені,

сонца выплывае над зямлёй,

і каго я на шляху ні стрэну,

быццам брат, вітаецца са мной.

Але планета не заўжды выдаецца паэту райскім садам: «існуючае — у векавечным руху: трашчаць арбіты строгія планет», душу халодзіць трывога за працягласць і надзейнасць быцця ў сусвеце. Юначаму ўзросту хочацца думаць толькі пра вечнасць, ніколі — пра смерць, аднак розум перасцерагае, каб «не праляцець жыцця перакаці-полем, да вод грунтовых прарасці карэннем» («Імгненні»). Апошняя метафара разумеецца не рэгіянальна і прыватна, а хутчэй глабальна. Творчымі знаходкамі аўтара аказаліся вершы пра агульначалавечыя каштоўнасці, пра мінулую вайну і вечны мір, пра пагрозу прыродзе, да якой пачала падбірацца бяздумная прагнасць бензапілы і сякеры ў руках чалавека.

Літаратурныя равеснікі і пабрацімы М.Рудкоўскага адкрылі сваімі творамі гуманістычную каштоўнасць новага бачання праблемы вайны і міру вачыма свайго дзяцінства. Яны дабіліся грамадскага прызнання такога бачання, як здабытку агульначалавечай свядомасці новых часоў. Верш М.Рудкоўскага «Начны эскіз» не загубіўся ў літаратурнай скарбонцы. Задуму падказаў жыццёвы выпадак, памяць дзяцінства, якая зберагла адно перажыванне: дзіця, углядаючыся ў групу партызан, што частаваліся ў бацькавай хаце пасля баявога задання, даглядзела адсутнасць аднаго знаёмага байца:

— А дзядзька дзе?

А дзе вы дзядзьку дзелі?

(О горкая дзіцячая наіўнасць!)

Маўчалі, вочы апусціўшы, вы.

Сутыкненне бязвіннай дзіцячай віны з такой жа бязвіннай скрухай партызан, якія страцілі ў баі таварыша, — узрушае чытача, прымушае задумацца над трагічнай сутнасцю вайны, балючай зрушанасцю каштоўнасцей і ацэнак. Патрэбаю даходзіць да праўды, паднімацца над трафарэтнымі ўяўленнямі пра гераізм, пазнаваць чалавечую матывацыю подзвігаў падказаны верш «Каменні цытадэлі». Маналог звычайна маўклівых рэліквій узрушае высакароднай сціпласцю, сардэчнай блізкасцю з нашчадкамі:

Не кляніцеся гучна,

а ў душы зірніце свае!

Не зайздросце героям іх славы:

Толькі раз чалавеку Айчына дае

На бяссмерце

свяшчэннае права.

Шчырасць тут не проста добрыя манеры ці такт, гэта пазіцыя лірычнага героя, чыю душу перапаўняе драма ўроджанай чуласці, барацьба спагады і абавязку.

Глабальная тэма прыроды, як калыскі хараства і жыцця, прыняла ў вершах М.Рудкоўскага перад усім форму рамантычнага апявання экзотыкі родных мясцін — вершы «Лось», «Буслы», «Паядынак аленяў». Але і тут, на фоне рамантычных сімвалаў і алегорый, прагучалі смелыя парадоксы. Адзін славуты паэт назваў парадокс братам геніяльнасці, у М.Рудкоўскага спробы парадоксаў былі звестунамі духоўнага росту, здольнасці да інтэлектуальна-філасофскіх абагульненняў, спасцігання сутнасці быцця як барацьбы і еднасці супярэчнасцей. Пра культуру пачуццяў сведчыла таксама схільнасць да іроніі, праявы вострай палемічнасці ў маналогу і публіцыстычнага задору:

Над Шчарай буслы

і пад Бугам буслы

на крылах нясуць падарункі вясны:

малым — сны салодкія, быццам цукеркі,

а бюракратам — ахапкі паперкаў...

бацькам — па бялюткай сняжынцы на скроні,

а гультаям — мазалі на далоні...

Паглыбленне ў агульныя заканамернасці быцця напаўняе душу радасцю і трывогай, на плечы героя лажыцца цяжар пазнання з яго адказнасцю за час і прастору, за планету, якая ў касмічна-тэрмаядзерны век аказалася малой і кволай, бы святочны шарык у руках дзіцяці. Паэту даводзіцца пераадольваць страх спасціжэння і небыцця:

Баюся, што стану і сам непрыкметным акордам

ці гукам адным у хаосе блакітнага ліўня.

А мне трэба ўзняцца над ім, непакорным,

стыхійным,

і даць яму форму — разумную форму.

Сведчаннем таго, што М.Рудкоўскаму ўдавалася падняць цяжар пошуку, пакуты спасціжэння, была празрыстасць яго стылю, уразумеласць мовы ў самых складаных філасафічна-інтэлектуальных маналогах ці ў інтымнейшых прызнаннях і спавядальных роздумах:

Пераступаю грані уяўлення —

нібы ступаю па лязо нажа,—

і формулы на аркушы, як жар,

і мысль мая ў нясцерпнасці пякельнай.

Шукаю, б'юся:

к непадкупнай мэце

пакутлівы, ды ёсць жа, знаю, шлях!

...Гарыць акно і сэрца па начах —

і крышачку святлее у Сусвеце.

Зборнік «Сінія Брады» быў не толькі пасведчаннем творчай сталасці М.Рудкоўскага, але і ўкладам у беларускую паэзію перыяду яе творчага абнаўлення ў шасцідзесятыя гады. М.Рудкоўскі, пры ўсёй сціпласці яго натуры, стаў прыкметным у слаўнай плеядзе паэтаў, чые душы заўчасна разбудзіла вайна, апякла іх вогненнымі зорамі і гартавала слязамі матак і ўдоў, прозай галоднага і халоднага пасляваеннага бытавання.

Новыя кніжкі вершаў. М.Рудкоўскага — «Позвы» (1971), «У краі тым» (1975), «Векавечная Бацькаўшчына» (1976), «Трыгор'е» (1981), «Засцярога» (1984) — былі этапамі на шляху пошукаў, якім ішоў сталы паэт. Круцізна яго горак роўна ярам і нізям, якія часам пераходзілі ў дэпрэсію. Не здарылася, на шчасце, зняверу, адмаўлення ад абавязку творчага служэння жыццю. Кожны зборнік прыбаўляў — адзін больш, другі менш — залацінак у творчы набытак паэта. Толькі тэма маладых гадоў і горных жаданняў часамі вычэрпвалася: «Было, цяпер мой дух гарам чужы, чужы мой дух цяснінам, скалам, пікам». Гэтае нізіннае прызнанне змешчана ў «Трыгор'і», гучыць яно загадкай, крыху какетлівай, крыху сумнай, паэт скрывае тайну сваіх метамарфоз. Але да той кнігі было яшчэ далёка. Зборнік «Позвы» азначаў узыходжанне.

Сярод найбольш прыкметных, на мой погляд, знаходак вылучаецца тут верш «Ляснік» — мажорны рэквіем, што пераклікаўся з вершам пра дзеда-каваля. Ляснік

Перад смерцю ж,

разважны, спакойны,

папрасіў у суседа свайго

замест крыжа

паставіць шпакоўню

на старэчай магіле яго...

У гуманістычным ключы вырашаецца тэма быцця, паэт здзіўлены адвечнай бясконцасцю яго праяў і схіляе галаву перад жывучасцю асноўных маральных прынцыпаў, якія ўносяць лад у адносіны людзей, жывёл і дрэў — «Перша-гром», «Зубр-адзінец»:

Дзіўлюся, дрэвы, вашай прастаце

і мудрасці

і як сабе вам веру.

Але, асэнсоўваючы біблейскі міф пра пачаткі пазнання, паэт не проста разумее Еву і апраўдвае яе абуджаную спакусай дапытлівасць, ён разумее, што самым цяжкім момантам у пазнанні — вызваленне пазнаючага суб'екта ад забабонаў, рутыны, схем, ад таго, што паэт назваў воляй зямных бажкоў, і прадоўжыў думку так:

Я зведаў свет без іхняе апекі —

дабра і зла сцяжыны, бальшакі,

я адкрываў сябе як чалавека —

і падалі з сваіх нябёс бажкі...

Змястоўныя сваёй сацыяльна-псіхалагічнаю назіральнасцю вершы «Яшчэ не ўсе карэнні абарваны», «Палеская быліна», «Востраў». У апошнім, можна сказаць, паэт прадчувае тэму тугі маладых вясковых інтэлігентаў па роднай хаце, вёсцы, краявідзе. М.Рудкоўскі сумленна і смела выяўляе адзін з мажлівых настальгічных аспектаў. У фокусе лірычнага твора ён ставіць не сябе і тых сяброў, што пакінулі вёску і часамі наязджалі ў родныя пенаты, а таго абарыгена, што застаўся і прарос карэннямі да вод грунтовых:

Мы дзверы інстытутаў адчынялі,

а ён паціху жыў —

касіў, араў.

Усё радзей яго мы ўспаміналі,

а ён нікога з нас не забываў.

Хапае шчырасці паэту, каб, адолеўшы персанальныя амбіцыі, прызнаць пальму першынства ўстойлівасці вяскоўца не толькі пашпартнай, а і маральнай:

I слаў лісты нам, слаў кавалкі сала,

што браў на дне прасоленых кублоў.

Знімаў кажух з плячэй сваіх, бывала,

калі каму з нас холадна было.

 

Таму цяпер, саскочыўшы з машыны,

мужчыны, што пабачылі ўсяго,

нібы зайцы ад паху канюшыны,

п'янелі мы ў ваколіцах яго.

Значна расшырылася псіхалагічная і эстэтычная геаграфія паэзіі М.Рудкоўскага, ён вёў чытача ў далёкія праслаўленыя паэзіяй куткі радзімы — на Каўказ, у Крым і там знаходзіў яшчэ не вычарпаныя крыніцы хараства — «Ялта», «Усё застаецца». Набралася псіхалагічнай глыбіні, мужчынскай адказнасці тэма кахання: «Не вярнуў я цябе, не паклікаў», «Пасёлак зашыўся ў снежаньскі змрок», «Адвечных зор і вечных рыфм пастух», «У грыбных лясах кружыўся лістапад». Па сутнасці, перад намі лірычныя элегіі, напоўненыя медытацыямі пра этыку кахання, філасофію дружбы як дзвюх асноў жыцця:

Адвечных зор і вечных рыфм пастух,

з бяздумнаю і тлумнай галавою,

я ўклепчыў старамодна прад табою,

ды позна ўжо было. Агонь патух.

I ты пайшла. Пайшла. А я стаяў,

трымаючы ў руках зямлю, бы глобус,

пакуль малепькі спознены аўтобус

цябе на бальшаку не падабраў...

Я хацеў выбраць з гэтага верша пару радкоў на цытату, ды не ўдалося, мусіў прывесці ўвесь, так ён задуманы і скампанаваны, што нельга выкінуць ніводнага слова. Наогул жа М.Рудкоўскі вёў пошук лаканічнай натуральнай выразнасці, імкнуўся дабівацца адзінства задумы і вобраза. Пашыраліся ў яго вершах аблады жывой гутарковай мовы і мовы народнай, яснай і акрэсленай па інтанацыях, свабодна сыходзячай з паэтычнага п'едэсталу на зямлю, мовы, што не траціць духоўнай значнасці, паэтычнай меры:

У сонца форму шара забяры —

і сонца ператворыцца ў туманнасць.

Напэўна, стане і мудрэц прафанам,

калі пачне нагамі дагары

хадзіць, забыўшы, што спакон вякоў

прырода любіць строгасць і разумнасць...

I ўсё ж у «Позвах», услухаўшыся добра, можна ўлавіць сям-там перанапружанасць у акцэнтах, нейкі трывожны сігнал небяспекі. Яшчэ мацней ён у вершах «Векавечнай Бацькаўшчыпы», зборніку, дзе прыкра паменшала арыгінальных і паказальных для М.Рудкоўскага радкоў, а пабольшала прыстойна напісаных па інерцыі вершаваных сачыненняў. Хоць ёсць яшчэ вершы добрыя — «Сенакосны эцюд», «Цябе няма...», «Родная вёска» — і ёсць жаданне выйсці на чарговы ўзгорак, ёсць адчуванне каштоўнасці жыцця, яго таемнай красы, якую паэт па-ранейшаму бласлаўляе:

I дух зямлі густы, і жыта звон,

I прагу жыць —

бязмежную без краю.

Больш пазначаны дэпрэсіяй вершы «Трыгор'я», неспадзявана выступілі тут матывы самаапраўдання, не то заўчаснай самападрыхтоўкі да завяршэння творчай дарогі, хоць яна даходзіла толькі да саракавога кіламетра. Прыкра чытаць словы бяссілля і пакоры ў чалавека, які так хораша, я б сказаў, мудра набліжаўся да эпагея. «Паэт — агонь, таму згарэў так рана» — пачынаецца адзін з варыянтаў самаапраўдальнага псалму. Чаму такое адбываецца ў час, калі народ, адолеўшы вайну, прагна хапаў і скарыстоўваў такі жаданы і ўрэшце здабыты час міру, час пазнання, час кахання, час здзяйснення? Неўразумела маладушна гучаць матывы дэпрэсіі: «I я малады быў учора і свой спазнаў Рубікон...» Які Рубікон? У якіх грамадскіх сутычках удзельнічаў герой? Чаму стаў паднімаць сябе, свае маральныя выпрабаванні жыцця, чаму здрадзіў ідэалу сціпласці? Чаму наогул пісаў, чаму не змоўк, як змаўкалі ў першую сусветную вайну А.Блок і Я.Купала, як змаўкаў на крутым заломе 60-х А.Куляшоў? У іх былі глыбокія духоўныя прычыны, а тут, відавочна, няма іх, паколькі лірычны герой як бы грозіць нам, што вось змоўкне, адыдзе, а тым часам піша і друкуе.

Міхась Рудкоўскі, г.Брэст. 1978 год

Канешне, удары жыцця сыпаліся на яго і па сваёй і па чужой віне па збегу выпадкаў: паэт працаваў на тэлебачанні загадчыкам рэдакцыі літаратурна-музычных перадач, многа год пісаў сцэнарыі пра харавыя калектывы, пра таленавітых разьбяроў, ганчароў і вязальшчыц, маляваў партрэты мясцовых мастакоў, пісьменнікаў, кампазітараў. Усё гэта рабілася з ахвотай і клопатам, пакуль урэшце чалавек не адчуў, што пачынае паўтарацца і недамагаць.

Найбольш самастойных твораў той пары ўвайшло ў перадапошні раздзел «Трыгор'я» — «Метамарфозы». Гэта — «Вітаю вас», «Эксперымент», «У хвіліны роздуму і смутку», «Начная навальніца», «Той морак быў і цяжкі і пусты». Тут прабуджаўся дух адолення, ажывала ўваскрасальная вера. На жаль, яна не была цвёрдай. Збавеннем для душы станавіліся ўспаміны пра нядаўняе рамантычнае гарэнне і прагу дынамічнай гармоніі. Гэтыя акцэнты прагучалі ў апошнім раздзеле кнігі, у самых удалых радках вершаў «Фігурыстка», «Над Бацькаўшчынай цёплыя спягі», «Люблю».

Творчая дэпрэсія зацягвалася перад усім таму, што паэт доўга не разумеў, што немач, якой ён саступаў і паддаваўся, ахоплівала не толькі цела, але і тыя сілы душы — маральную чуласць, эстэтычную ўражлівасць, жыццялюбнасць, якія адны дазвалялі тварыць паэзію і расці ў паэзіі.

Час одуму настаў у 80-я гады, адраджалася духоўная сувязь з жыццём, з зямлёю роднаю, якая ў паэтаў прымае форму прызвання, прызначэння, лёсу. М.Рудкоўскі выйшаў да чытача з вершамі, у якіх на новым узроўні азваліся маральна-філасофскія глабальныя пытанні веку. Сэнс быцця, што ў маладосці наведваў трапяткімі, шчымлівымі здагадкамі, а ў зеніце звёў да звяржэння ідэалаў, зрываўся на спадах, тут азваўся філасофскім роздумам, патрэбаю глыбокай развагі, самаразліку адказаў на пытанні: хто я і навошта жыву на зямлі, што магу зрабіць для яе...

Зборнік «Засцярога» нават загалоўкам выдае мэту — шукаць прычын і спосабаў на зло, што паношыцца ў свеце і ў чалавеку. Ідэя ачышчэння перад спазнанай марнасцю і адчутаю вечнасцю — вось галоўная тэма кнігі.

Міхась Рудкоўскі ў санаторыі ў Нясвіжы

У кнігу выбранага, якую трымае ў руках чытач, увайшло багата вершаў з «Засцярогі», сустрэнуцца і такія, што не трапілі туды па незалежных ад аўтара прычынах. Гэта пераважна творы маральна-псіхалагічнага характару, дзе тэма ачышчэння ставіцца востра, набывае публіцыстычнасць, нясе адроджаную колішнюю парадаксальнасць мыслення, тонкую і горкую іронію, часам сарказм і гратэск. 

У «Баладзе купальскіх світанняў» паэт спрабуе паказаць шлях вяртання да сябе як адно з мажлівых цудаў чарадзейнае купальскае ночы. Праўда, яго фантазію месцамі стрымлівае хрэстаматыйнае ўяўленне аб эвалюцыі жывых істот па Дарвіну, але ёсць мясціны арыгінальныя, яркія, якія ўспрымаюцца менавіта як вяртанне да рамантычнага пантэізму, што жыў у «Сініх Брадах» і «Позвах»:

Я — у Купаллі,

я ў ранні спрадвечным прачнуўся,

і — о дзіва! —

мяне не баяцца

ні птушка, ні рыба, ні звер.

Я ўспомніў сябе...

Паэт увогуле не абмяжоўваецца ўспамінамі, бо яго займае прыпамінанне чалавечай здольнасці тварыць, думаць, адкрываць. I ўсё гэта ён хоча весці на аснове больш глыбокага асабістага вопыту, чым у перыяд сталення і ўзыходжання. Адрадзілася і паглыбілася здольнасць ацэначнага бачання свету, яго пахаў, колераў («Фарбы Беларусі», «Роднаму краю»), сама ацэнка дасягнула большай глыбіні, мацней выявіліся ў ёй філасофскія асновы быцця, адрадзіўся прыглушаны раней сэнсавы дыяпазон маналогаў (ад рамантычнай пявучасці да іроніі), к паэту вярталася пачуццё гумару, з-пад пяра вырываюцца камедыйныя ацэнкі бачанага і дасведчанага. Аб'ектам парадоксаў становіцца сам лірычны суб'ект, збалелы, часова адчужаны ад свету, але не памёршы для людзей і для творчасці:

I богам, і людзьмі напаўзабыты

Без весялосці лішняй, без турбот

Каторы час жыву — жыву, нібыта

Стары правінцыяльны анекдот.

Гумар ачышчаўся ад гаркаты, а думкі ад паныласці. Сатыра набывала трапнасць і баявітасць. Цэлы каскад гратэскавых сітуацый падказала фантазія паэту пра кар'ерыстаў, ператварыла іх у нейкіх касмічных падмятайлаў: спачатку яны падмялі неба, і іх пахвалілі, і яны спусціліся на зямлю, падмятаць гарады — іх паказалі па тэлевізары, тады яны накінуліся на вёску, ды з такім імпэтам, што поле занесла пылам. Кар'ерысцкі азарт прыпыніўся толькі на пушчы — перашкодзілі пні.

Не скрывае паэт таго, што ва ўнутраных маналогах чалавека, які ўступіў у адказны ўзрост, калі свет рэальны ўвесь час здаецца то горшым, то лепшым за ўспаміны, можа аказацца і нешта суб'ектыўнае, але стрыжань будзе здаровы. Па-гаспадарску нервуючыся перад дарогай, аднагодак паэта можа прабурчаць на тэхнічны прагрэс:

Таксі, самазвалы,

экспрэсы —

 ясконца аўто за аўто...

Інсульты,

інфаркты

і стрэсы —

Чорт яго ведае што...

Таксама на сцежках маленства часта сустракае ён прыкрыя перамены: «Ідзеш да ракі ты — не тая рака, руку падае друг — не тая рука», ды чалавек спахопліваецца, урэшце пачынае іранізаваць над сваёй ідэалізуючай прыдзірлівасцю, каб урэшце паставіць пытанне сабе: «А што яно тое?» і адказаць: «У сэрцы тваім штось святое, святое». Прысвечаны Ніне Мацяш верш «Свяшчэнная трыяда» вылучае тры састаўныя часткі маральнага ідэалу і з іх складае формулу гуманістычнага быцця: «Знікае Надзея — застаецца Любоў, а Любоў народзіць Надзею і Веру». З вышыні агульначалавечых ідэалаў найлепш бачацца глабальныя праявы дабра і зла.

У гумары трапляюцца, праўда, выпадкі непаваротлівай прастакаватасці, элементарнай павучальнасці, не хапае сатырыку ўражлівасці на нюансы, патрабуюцца хіба звышмоцныя праявы камедыйнага ў жыцці, каб распаліўся яго пякучы агонь, напрыклад, чыноўніцкая мода на фармальныя ацэнкі людзей выклікае не дужа вострую сатырычную рэакцыю.

Эфект гратэскавасці ўзнікае ў ацэнках тады, калі персанажы і сітуацыі павялічваюцца да суперглабальных маштабаў і вачам адкрываецца абсурднасць таго, што ў маштабах штодзённасці выглядала хоць пустою, але яшчэ гульнёй ці валтузнёй. Верш «Пытанне» паказвае забаўкі атамнага маньяка, якога з калыскі прывучылі забаўляцца бразготкай — вадароднаю бомбачкай, а ён да старасці

Бразгае,

бразгае,

бразгае.

...Што, здзяцінеў зусім чалавек

Ці вар'яцець пачынае?

У свой час іншы маньяк гітлераўскага новага парадку ў Еўропе, доктар Ветцаль з падобнаю гуллівасцю падпісваў «сакрэтны, дзяржаўнай важнасці» план аб перасяленні трох чвэрцяў беларусаў у Сібір і асіміляцыі астатняй чвэрці, прызначанай для абслугоўвання нацыі паноў. Не падлічыў доктар, што адна чвэрць рашыла загінуць, абы знішчыць людаедскі план. Паэту пагадалася гратэскава перадражненая гамлетаўская сітуацыя, і ён канчае верш перыфразаю несмяротнага шэкспіраўскага маналогу: «О, бедны доктар, бедны, бедны Ветцаль!»...

У наш час небывалага росту ўзаемасувязей і ўзаемазалежнасцей у свеце персанажамі фарсу варты стаць у прынцыпе ўсе парушальнікі агульначалавечых нормаў сужыцця. Паэт схільны ў сваіх ацэнках перадаць хвалы адвечнаму, чым неспраўджанаму яшчэ сённяшняму. У спрэчцы з апанентам, якая нібы прадаўжае той бурклівы маналог пра інфаркты і стрэсы, паэт замацоўвае за сабой рэпутацыю традыцыяналіста. Тлумны бег жыцця ў фанікулёры тэхнічнага прагрэсу паскарае часта толькі знешняе, побытавае перажыванне дзён.

Прабываючы ў вечных цэйтнотах, чалавек затрачвае смак і сэнс жыцця, гуманістычную каштоўнасць пражытага. Вось на гэтай прычыне паэт аддае перавагу пешаходнай сцяжыне над лайнеравай трасай:

А мне б — без фанфараў і тлуму

На тыя свае па кругі

I запаветную думу

Пра край дарагі.

Ахвота да фанфар і тлуму нават прызнанага барда можа прывесці да пустаслоўя і фальшу, загрыміраваных пад прагрэс ці прагноз:

Як жа ўсё ён знае!

I як ён цябе не знае!

Як жа яму ў гэтым краі

Цябе, краю наш, не стае!

Іронія, сарказм, гратэск, фарс — усё гэта вымушаныя абставінамі рэагаванні паэта, яго душы, якая прагне жыць сумленна і разумна ў сумленным і разумным чалавечым свеце. Так, душа паэта ведае, што не спасцігла ўсёй сутнасці быцця, але не здасца яна на ласку моды, не клюне на прыманку таннага поспеху, бо знаёмы ёй спрадвечны вопыт народа, мудрасць вякоў, каштоўнасці сапраўдныя і хуткаплынныя. Сучаснасць тады набывае цану, калі вытрымлівае выпрабаванне кантэкстам вечнасці.

Не без таго, М.Рудкоўскаму здараецца паўтараць старыя, як свет, ісціны, але ён ведае, што не ўсё старое ўстарэла і не ўсе бясспрэчныя праўды добра помняцца сучаснікамі. Адным з аспектаў гэтай дзейнасці духа з'яўляецца асэнсаванне новых кантэкстаў, у якіх жывуць адвечныя ісціны сёння. Пераацэнкі каштоўнасцей па новых тарыфах не ёсць яшчэ іх уцэнкі.

Любіць М.Рудкоўскі прыроду і ўмее расказаць пра яе хараство і дарослым і дзецям:

У новым ранку гожым

На тыя рубяжы,

Дзе, як штыкі, варожа

Пабліскваюць пажы,

Цераз ельнікі, паляны,

Акопы, дубнякі,

Нібыта партызаны,

Ідуць баравікі...

Дзіцячы пацешны вершык пра грыбную «вайну» нясе, аднак, у сваім падтэксце і глабальна-філасафічную думку аб спрадвечнай канфліктнасці адносін чалавека да прыроды. Язычнік эпохі збіральніцтва браў з прыроды яе плады, баючыся помсты, ён адчуваў сябе вінаватым і слабым, а цяпер усё дзеецца наадварот: прыроду абіраюць па-разбойніцку жорстка і холадна, таму баяцца пачала яна, а паэт вучыць яе абараняцца, нават помставаць чалавеку за яго прагнасць, крыклівыя разлікі і пралікі. Баравікі ідуць з грыбнікамі на нажы, а лес, апрацаваны бензапілою ды гусеніцамі трактароў,

Стаіць абяскроўлены і нямы,

Ды страху ў яго няма.

Стаіць, бы мудрэц, ён сярод зімы,

Як праўда стаіць сама...

Такія промыславыя пейзажы ў Рудкоўскага складаюць толькі адзін полюс пейзажнай лірыкі, а яе ядро — малюнкі, якія ўвасабляюць хараство роднай зямлі і моманты бескарыслівых эстэтычных зносін чалавека з прыродай, чарадзейнаю лекаркай ад нуды, гаркаты, стомы. На ўлонне прыроды ідзе лірычны герой вызваліцца ад тлумнага вэрхалу табунных зборняў, нудлівых дакладаў на пасяджэннях фармальна-грамадскіх устаноў ці таварыстваў. Тут душа яго не проста адпачывае, а аджывае, вяртае сабе здольнасць натуральнага, нескажонага лінзамі дзяляцкіх стэрэатыпаў успрымання свету. Найбольш глыбока эстэтычная функцыя пейзажу выяўлена ў вершах «Радня», «Мае бярозы», «Песня пра вёску Крыніца», «Столькі сіняга і залатога», «А снег ідзе» і іншыя.

Над пражытым жа, над перажытым,

Што ўжо напаўзабыта было,

I над лесу жывым аксамітам

Распасцёр белы бусел крыло.

Для пейзажных вершаў М.Рудкоўскага характэрна актыўнае сузіранне, ён не проста малюе словам бачанае, а чаргуе зрокавыя ўражанні з уявамі, дасведчаным на сябе ўздзеяннем хараства на душу. Так адкрываецца чалавечая вартасць хараства, яго гуманістычная і патрыятычна-выхаваўчая сіла.

Прырода ў М.Рудкоўскага — гэта храм хараства і ачышчэныя, адраджэння пачуццяў. Часта яна выступае тою чарадзейнай мясцінай, дзе на лірычнага героя находзяць словы невымоўныя, словы любові да радзімы. Тут наведваюць яго ўспаміны перажытага кахання, абуджаецца памяць сэрца, яна такая свежая, гэтая памяць, што герою здаецца яваю, мройным паўтарэннем былых сустрэч з каханай недзе ў Сэрцы пушчы:

I мы яе спакою не парушым

(Яго і так заўсёды яе стае), —

Спакоем пушчы мы акрэпім душы,

Акрэпім душы мудрасцю яе.

 

А снег ідзе... Кладзецца снег гаючы

На горычы ўчарашнія і боль.

I не гняце нішто мяне, не мучыць,

Асветленага пушчай і табой.

Адраджэнне памяці сэрца, таксама як і адраджэнне здольнасці смяяцца, складае змястоўную тэму «Засцярогі». Успаміны пра каханне, якое было і прайшло, такія свежыя, што можна падумаць, быццам — рэха можа быць ранейшым за з'яву. А сакрэт у тым, што для паэта больш цэніцца ў каханні духоўнасць, чым цялеснасць. Злом абавязкаў у інтымнай сувязі паэт трактуе на манер Ясеніна, знарок гаркавата і жартаўліва, называе сумным жартам гісторыю стаптанай травы.

Лірычны герой «Засцярогі» разумее вернасць па-сучаснаму, па-інтэлегенцку шырока, як вернасць перад усім сабе, сваім пачуццям і шанаванне ў каханні шчырасці, а калі яно адышло, памяці таго, што збліжала, субстрата роднасці: платанічнае ў каханні, любоў да ідэі, дасканаласці, хараства...

Колькі разоў яно сцвярджалася рамантыкамі і развенчвалася рэалістамі, а жыве, як жыве мара і ява, ідэал і рэальнасць. У маладой і сціплай беларускай літаратуры рамантычны тып кахання сужываўся з рэалістычным без спрэчак: Дунін-Марцінкевіч і Багушэвіч, Купала і Колас. Толькі ў найноўшых часах азваліся ў нас дасціпныя перазовы, напрыклад, на Жылкавы «Вершы спадзявання» — дасціпны куплет Кандрата Крапівы:

I пад гоман індустрыі

Над палямі і лясамі

Гімны кволыя Марыі

Так жа нюнялі часамі.

Думаю, што і рамантычная лірыка кахання, з якою выходзіць М.Рудкоўскі, сёння ўжо нават не сустрэне паэтычных апанентаў, настолькі мы прывыклі да стылёвай шматфарбнасці яе мовы. I рамантыку і рэалісту будзе цікава сустрэцца са здольнасцю чалавека да захоўвання і адсвежвання любоўнай эмоцыі, да духоўнага гарэння і роднасці душ, якую можна назваць несмяротнай. Душа тут стала чыста эстэтычным імпульсам, вызваленым ад цялеснай пачуццёвасці. У вершах М.Рудкоўскага, падобна як у вядомым хрэстаматыйным вершы П.Броўкі, памяць сэрца, нябесная любоў трыумфуе пад зямною, даказвае сваю жывучасць, працягненую да несмяротнасці. Але, відаць, найбліжэйшым літаратурным папярэднікам М.Рудкоўскага ў гэтай матэрыі трэба назваць Ул.Караткевіча з яго «рутай у халоднай расе». Вось доказ — радкі з верша «У сонечных вятрах»:

Усё жывое прагла і любіла

У абнаўлёных, радасных лясах.

Мяне, як бліскавіца, апаліла

Твая халаднаватая краса.

 

Харал птушыны ліўся, узвіваўся

I рассыпаўся залатой расой.

I я, нібы дзікун той, любаваўся

Тваёй халаднаватаю красой.

Гімн рэху кахання, якое было, але не можа прамінуць, возьмецца складаць не хто іншы, як рамантык. Ён разумее, што гэтае пачуццё непадуладна ні гуку, ні колеру, ні нават слову, але яно ёсць. Паэт маладзее ад успамінаў, у вершах «Зямля мая была тваёй зямлёй», «А снег ідзе»», тады і ловіць сябе на тым, што яго ўжо супакоенае сэрца бачыць больш, чым калісьці,— німб незгасальнага хараства пад чалом жанчыны, Жывапісец становіцца сапраўдным партрэцістам з гадамі, а паэт з гадамі дапаўна спасцігае хараство душы і перакопваецца, што келіх гэты бяздонны:

Як ячар, крамяная

На марозе гарыць,

Як мёд, салодкая

На вясенняй зары —

Журавіначка —

паляшучка —

Губы хмельныя,

Спрытны ручачкі.

Што я сам не свой,

П'яны без віна,

Людцы добрыя,

Не мая віна.

«Засцярога» не ўпэўпіла б мяне ў тым, што шлях паэта выйшаў на плато, а не на чарговы ўзгорак, калі б у кніжцы былі спрэс аптымістычныя вершы. Зборнік падкуплівае глыбінёю ўсведамлення аўтарам рэальных цяжкасцей і небяспек на жыццёвым і творчым шляху паэта, пакарае ясным разуменнем таго, што барацьба за творчае жыццё ў мастацтве непазбежна, а небяспекі могуць нарастаць. Ды ім насустрач вырас вопыт і адчуванне цаны таго, што зроблена. Патрэба тварыць ураўнялася з патрэбай жыць:

Як айсберг я. Плыву. Перагарэў.

Пашчу. Ды пе прыходзіць пакаянне.

Разблытваю вузлы. Мяча няма.

Затое прага сонца ёсць і ёсць цярпенне

Нязбытных шкадаванне мар, памкненняў,

Пачуццяў, дзён, патрачаных дарма.

I не да лёсу ці неба, а да роднага краю звяртае паэт просьбу адпусціць яму яшчэ творчых дзён на меру яго не ўласнай, а грамадскай патрэбы:

А яшчэ зраблю круг ціхім ценем

Над ляском, дзе журацца крыжы...

Родны край мой! Краю мой, асенні,

Не спяшай цяпельца патушыць!

Удумны агонь паэтычнай паходні Міхася Рудкоўскага асвеціць нам самабытным агнём яшчэ не адну далячынь.

Уладзімір КАЛЕСНІК

  1. "Ёсць Востраў у мяне"

 

Калі прыедзеш у Востраў, дык абавязкова павядуць цябе ў школу, бо школьны музей Міхася Рудкоўскага — галоўная славутасць Вострава. Тут ганарацца земляком, першым прафесійным паэтам Ганцаўшчыны. Зараз кніга, у якой пакідаюць запісы наведнікі, стала тоўстым фаліянтам. А пачыналася ўсё з энтузіязму настаўнікаў і іх вучняў.

Расказвае Марыя Якімчык, стваральніца і нязменная захавальніца музея: "Аднойчы, пасля смерці паэта давялося сустрэцца з вершам, у якім ён спрабаваў уявіць свой лёс пасля адыходу. Там ёсць такія радкі:

Пагавораць усе, пашкадуюць

Ды й забудуць усе пакрысе...

Яны кранулі мяне да глыбіні душы. Я зразумела, што так не павінна быць. Разам з выхаванцамі літаратурнага аб'яднання мы пачалі дзейнічаць. Экспанатамі дапамагла сям'я паэта, недалёка жывуць яго сёстры. Стэнды, паліцы, падстаўкі рабілі сваімі рукамі ў школьнай майстэрні. Мы сабралі ўсе зборнікі вершаў. Іх пры жыцці выйшла роўна дзесяць, а гэта нямала. А не так даўно пабачыла свет кніга "Трохперсце", зборнік лірыкі Міхася Рудкоўскага, Міколы Пракаповіча і Алеся Каско. Кніга была адзначана абласной літаратурнай прэміяй. Зараз яна займае сваё пачэснае месца ў музеі.

Галоўнае, што музей жыве. Тут нярэдка праводзяць урокі літаратуры са сваімі вучнямі амаль усе настаўнікі-літаратары раёна. А школьнае літаб'яднанне "Верасок" нават мае свой зборнік паэзіі "Палёт жаўрука". Дзеці цягнуцца да паэтычнага слова, спрабуюць пісаць. І гэта цудоўна".

Сама Марыя Альбінаўна вельмі хораша вядзе экскурсію, нібы песню спявае. Спытала пра гэта, і аказалася, праўда: настаўніца — яшчэ і самадзейны кампазітар. Дзве песні на словы Міхася Рудкоўскага яна напісала даўно, іх выконваюць школьнікі на ўсіх значных мерапрыемствах, што праводзіць музей. Адна з песень пачынаецца словамі: "Ёсць Востраў у мяне, і ў мяне ёсць ліра". Пра родныя мясціны паэт напісаў ці не лепшыя свае радкі. Роднай зямлі, сваёй любімай Гарыні ён прысвяціў самыя шчымлівыя, самыя светлыя вершы. Ён і на вечны спачын вярнуўся ў свой Востраў. Нядзіва, што і землякі памятаюць свайго паэта.

Зацікаўленасць, улюбёнасць у паэзію Марыі Якімчык падхопліваюць маладзейшыя настаўнікі. Завуч школы Валянціна Мікалаеўна Хваль накіроўвае сваіх вучняў на творчы пошук, на падрыхтоўку сапраўдных навуковых работ, на здымкі фільмаў. Значыць, музей працягвае жыць у новых сучасных формах. Работа вучаніцы 9-га класа Алёны Барысевіч "Стылеўтваральныя экспрэсіўныя сродкі паэтычнай мовы Міхася Рудкоўскага" адзначана дыпломам на абласным конкурсе. А відэафільм, які здымалі старшакласнікі, зроблены на добрым узроўні. У ім ёсць кадры, якімі падзялілася Брэсцкая студыя тэлебачання, дзе сам паэт чытае вершы. Ёсць родная хата паэта, так любімыя ім краявіды. Зноў і зноў гучаць яго радкі:

Мне не трэба нічога-нічога,

Толькі б ціха ў свеце было,

Толькі ў край мой вяла дарога,

Толькі ў небе трымала б крыло!

Толькі б золата тое жывое

І высокі той бераг круты,

Толькі б тое святое-святое —

І вялікая грэшніца — ты!

 

Святлана ЯСКЕВІЧ, газета "Звязда"

  1. Зямля жывога слова

 

Не ў крыўду Ганцавічам сказана, але да гэтага часу ў нас не ўсе ведалі, што ёсць такі райцэнтр. Вядома, калі ў краіне налічваецца ажно 118 раёнаў і калі табе не даводзіцца шмат калясіць, можна і не ведаць той ці іншы адміністрацыйны цэнтр. Тым больш калі ён зусім невялікі па колькасці вуліц і паверхаў новабудоўляў і ў ім не захаваўся шэдэўр архітэктуры эпохі барока ці класіцызму. А балотамі і лясамі, якія вакол Ганцавіч, да нядаўняга часу ў нас цікавіліся далёка не ўсе.

Часам завядзеш размову пра палескія гарады і вёскі, а ў цябе, нібы ў казачніка, недаверліва ўдакладняюць: дзе яны знаходзяцца? А ўсё таму, што ганцаўская зямля яшчэ як след не "раскручана". Нягледзячы на ўнікальныя прыродныя багацці і цэлае сузор'е таленавітых рупліўцаў беларускага слова, якое яна дала Беларусі. Але літаральна заўтра гэтая недарэчнасць будзе нарэшце выпраўлена. І Ганцавічы прачнуцца вядомымі на ўсю краіну. Таму што заўтра яны стануць сталіцай аднаго з найважнейшых беларускіх свят — Дня беларускага пісьменства. Паспрабуй пасля гэтага скажы, што не ведаеш пра тое, што на гэтай зямлі жыў і працаваў наш пясняр Якуб Колас, што яна выхавала славутага фалькларыста Аляксандра Сержпутоўскага і што заўсёды была скарбніцай, поўнай народных талентаў і прыгожых традыцый. І, вядома, калыскай новых імёнаў, для якіх простае роднае слова было і застаецца найбольшай з усіх каштоўнасцяў. Менавіта таму Ганцавічам была даверана эстафета прымаць у сябе гасцей і ўдзельнікаў гэтага штогадовага маляўнічага і запамінальнага свята. Бо да таго ж, як уласціва палешукам, мясцовыя жыхары ўмеюць як след падрыхтавацца і паказаць усю сваю шырокую і гасцінную душу.

Заўтра ўдзельнікі свята, спадзяюся, адчуюць сапраўдную шчырасць паляшуцкай душы таксама і праз паэтычнае слова, якое будзе гучаць з вуснаў саміх паэтаў, народжаных на ганцаўскай зямлі. Праз іхняе, часам шчымлівае, прызнанне сваёй ціхай зялёнай радзіме. Як у гэтых радках паэта Віктара Гардзея:

"Мая зямля — мая калыска,

Дазволь схіліць мне галаву,

Ля помнікаў і абеліскаў

Люблю, працую і жыву.

 

Люблю свой край у шуме хвояў,

Працую шчыра дзень пры дні.

Жыву я на зямлі герояў —

На імі ўзятай вышыні..."

З вышыні птушынага палёту, дакладней, з борту самалёта паветранай аховы лясоў ганцаўская зямля — сапраўдная зялёная краіна. Неабсяжныя балоты, нібы тайга, бяскрайнія лясы. У любое надвор'е з асалодаю ўглядаешся ў адвечныя краявіды, і няма такой моцы, каб наталіць смагу гэтага захаплення. Добра, што ўнікальныя балотныя куточкі захаваліся ў першасным выглядзе і ў дадатак узятыя пад ахову. У раёне ажно пяць заказнікаў мясцовага і рэспубліканскага значэння.

"Борскі", "Ялоўскі", "Галь", "Падвялікі мох", "Выганашчанскае". Неўзабаве прыйдзе час, калі тут будуць пракладзены шматлікія турыстычныя і экалагічныя сцяжыны, не кажучы пра звычайны агратурызм. Сярод балот і лясоў блішчаць люстэркі невялікіх азярцоў. Але ёсць тут і вялікая вада: на захадзе раён падпірае сапраўднае мора — возера Выганашчанскае, на усходзе плешчацца вадасховішча Лактышы. Як не паэтызаваць гэткую прыгажосць, не быць прасякнутым да яе любасцю! Як некалі былі ўлюбёныя ў яе паэты Уладзімір Марук, Іван Кірэйчык, Мікола Купрэеў, Іван Лагвіновіч, Міхась Рудкоўскі...

Радзіма Міхася Рудкоўскага — вёска Востраў. У мясцовай школе, якая носіць імя паэта, створаны літаратурны музей. Настаўнікі часта даюць дзецям заданне запісваць успаміны аднавяскоўцаў пра таленавітага земляка. На ўскраіне вёскі жыве малодшая сястра паэта, бібліятэкарка з 30-гадовым стажам Лідзія Рудкоўская. Яна цудоўная апавядальніца, і яе ўспаміны пра братава дзяцінства ўспрымаюцца дзецьмі з вялікай асалодай. У Востраў плануецца прыезд групы землякоў-пісьменнікаў, каб наведаць магілу паэта. Але Лідзія Міхайлаўна, тым не менш, збіраецца на свята ў Ганцавічы, бо гэта і свята ў гонар яе таленавітага брата.

З Вострава недалёка да Лактышоў. Дарога вядзе праз Гуту — радзіму паэта Уладзіміра Марука, былога звяздоўца. У рэдакцыі нашай газеты яго, загадчыка аддзела культуры, яшчэ добра памятаюць і з душэўнасцю прыгадваюць ягоныя вершы:

".. Я з тых, хто не вякуе,

Хто сее і хто жне.

Прашу, пакуль жывы я,

Не дбайце пра мяне..."

У Лактышах не шмат захавалася старажытнасці. Адна з рэліквій — званіца — узор драўлянага дойлідства. Колькі ж давялося ёй перажыць навал! І вось нядаўна са званіцы зладзеі-вандалы спрабавалі зняць вялікі звон. Пра гэта распавёў жыхар Лактышоў работнік культуры Іосіф Ленкавец. Ён прыгадаў, як у дзяцінстве на Вялікдзень кожны жыхар мог узлесці на званіцу і біць у звон, каб усе адчувалі, якое свята на душы. Іосіф Навумавіч з'яўляецца стваральнікам адзінага ў краіне пакоя-музея рыбалоўства. А яшчэ Лактышы цікавыя тым, што ў будынку былой школы месціцца адразу тры музеі. Акрамя пакоя з рыбацкімі прыладамі і чучаламі рыб, тут ёсць мемарыяльны музей героя-разведчыка Паўла Зуйкевіча і музей "Антыбахус", пра які мы ўжо распавядалі на старонках аднаго з нумароў "Звязды".

І ўсё ж літаратурная Ганцаўшчына пачынаецца з вёскі Люсіна. (Гэта не стане аспрэчваць ніводны з сённяшніх майстроў слова гэтай зямлі). Бо менавіта тут пачынаў сваю настаўніцкую працу будучы нацыянальны класік Якуб Колас. І гэтую зямлю, з яе звычаямі і адвечнымі клопатамі, жыццё палешукоў, іхнія норавы і характары ён намаляваў сваім узнёслым словам у трылогіі "На ростанях", якую павінен прачытаць і ведаць кожны беларус.

У Люсіне будучы народны паэт пражыў усяго дзве зімы. Але ўсё жыццё люсінцы з удзячнасцю памятаюць свайго колішняга настаўніка з народнага вучылішча Кастуся Міцкевіча.

Анатоль КЛЯШЧУК, газета "Звязда"

 

  1. “Мая любоў высокая, бы ранне…”

 

"М.Рудкоўскі, пры ўсёй сціпласці яго натуры, стаў прыкметным у слаўнай плеядзе паэтаў, чые душы заўчасна разбудзіла вайна, апякла іх вогненнымі зорамі і гартавала слязамі матак і ўдоў, прозай галоднага і халоднага пасляваеннага бытавання".

Так трапна і дакладна ахарактарызаваў М.Рудкоўскага і ў цэлым пасляваеннае пакаленне творцаў, паэтаў-шасцідзясятнікаў Беларусі (плён творчасці якіх прыпадаў на 60-ыя, гады "хрушчоўскай адлігі”) даследчык і натхняльнік літаратуры "берасцейскага вогнішча” Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Сапраўды балючая рана вайны доўга не гоілася ў творчай свядомасці паэта, час ад часу крывавіла дзіцячай памяццю пра ахвяры, спачуваннем да землякоў, якія мужна трывалі пакуты і наступствы ліхалецця:

У нас у сяле ў кожнай

хаце дзесятай

Не прычакала

жанчына салдата…

Калі пачалася вайна, Міхасю толькі споўнілася пяць гадоў. Нарадзіўся ён у вёсцы Востраў у сялянскай сям’і, дзе традыцыйна на Палессі шанаваліся працавітасць і сціпласць, а "фальш і гультайства — па прызнанні паэта — лічыліся самымі вялікімі заганамі ў чалавеку". Пасля заканчэння мясцовай сямігодкі была вучоба ў Ганцавіцкім педвучылішчы, а дыплом настаўніка юнак атрымаў у такой жа навучальнай установе ў Пінску ў 1955 годзе. З цеплынёй і прыязнасцю згадваў наш зямляк гады настаўніцтва на радзіме, у Кукаўскай сямігодцы, нягледзячы на тое, што прыйшлося спалучаць працу з вучобай на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта Брэсцкага педінстытута. Менавіта тут лёс звёў яго з выкладчыкам, знаўцам роднай літаратуры У. Калеснікам, які разгледзеў у здольным студэнце паэтычны патэнцыял і далей адыграў у яго жыцці лёсавызначальную ролю.

Патрэба ў інтэлектуальным асяроддзі, творчым суразмоўстве, жаданне займацца вершапісаннем прывялі М.Рудкоўскага ў рэдакцыю ганцавіцкай газеты, якая тады называлася "Сялянская праўда". Менавіта ў гэтай газеце літаратурны талент палескага самародка сталеў і аздабляўся новымі гранямі. Усвядоміўшы сваё жыццёвае прызванне, М.Рудкоўскі цалкам аддае сябе творчасці і журналісцкай дзейнасці. З 1962 года ён пераязджае ў Брэст, дзе на працягу 20 гадоў шчыраваў на пасадзе рэдактара літаратурна-драматычных і музычных перадач Брэсцкай студыі тэлебачання. М.Рудкоўскі выявіў сябе не толькі як прафесіянальны журналіст, які шмат зрабіў для прапаганды культуры, мастацтва на Берасцейшчыне, але і як вопытны настаўнік-літаратар, які адкрыў не адзін паэтычны талент на Палессі. Адным з лепшых яго вучняў з’яўляецца паэт з Пінска Валерый Грышкавец — лаўрэат прэстыжнай Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Платонава.

Свае першыя вершы М.Рудкоўскі надрукаваў у ганцавіцкай раёнцы, працуючы настаўнікам. Творчую спадчыну паэта, члена Саюза пісьменнікаў былога СССР, складаюць шматлікія зборнікі, якія з часам станавіліся вядомымі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. З найбольш вядомых можна назваць "Першыя вёрсты" (1963), "Сінія Брады" (1967), "Залатазвон" (1986), "Гарынь" (1992). Творы паэта прываблівалі чытача шчырасцю, выяўленнем незвычайнай у часы ідэалагічнага ўціску ўнутранай свабоды аўтара.

Бясспрэчна, дамінуючай тэмай творчасці нашага земляка стала родная зямля, край бярозаў і гонкіх соснаў, край лугоў і заток азёрных, жыццё палескай вёскі з яе працавітымі, выхаванымі на патрыярхальных і багатых фальклорных традыцыях працаўнікамі:

Мы дзверы інстытутаў адчынялі,

А ён паціху жыў — касіў, араў.

Усё радзей яго мы ўспаміналі,

А ён ніколі нас не забываў.

Жывучы ў Брэсце, М.Рудкоўскі душою быў на радзіме, вершамі гутарыў з землякамі, яго творчая настальгія часамі межавала з пачуццём віны перад імі. Як да жывых істот у вершах-прысвячэннях паэт звяртаецца да блізкіх і знаёмых з дзяцінства ціхага гарадка над рэчкаю Цною, святыні Вострава, Сініх Брадоў, як замовы матулі ад напасці-бяды. Але М.Рудкоўскага ні ў якім выпадку нельга назваць паэтам местачковым, правінцыяльным: яго творчыя зацікаўленні сягаюць далёка за межы малой радзімы. Вялікі пласт лірыкі паэта складаюць яго пейзажныя вершы, у якіх прырода, як трапна заўважыў У.Калеснік, — гэта "храм хараства і ачышчэння, адраджэння пачуццяў":

Ад стомы і болю, ад тлуму і пылу

жыве ў дажджах ачышчальная сіла,

жыве ў іх вясёлая прага здзіўлення,

і нараджэння, і абнаўлення.

М.Рудкоўскі найперш паэт Беларусі, творца нацыянальнага маштабу. Шмат вершаў ён прысвяціў Радзіме, паэт не саромеецца ў сваіх шчырых прызнаннях Бацькаўшчыне: "Як цябе не любіць, як табою не ганарыцца, прыгажуня ў суквецці вясны — Беларусь".

Ні пра каго так цёпла, усхвалявана і паважна не адгукаўся М.Рудкоўскі, як пра паэта-сімвала Беларусі, вытанчанага і дасканалага майстра вершаскладання Максіма Багдановіча. Чытаючы вершы нашага земляка, прысвечаныя класіку нацыянальнай паэзіі, міжволі ловіш сябе на думцы пра фатальную падобнасць лёсаў майстроў слова розных гістарычных эпох. У 70 — 80-ыя гады мінулага стагоддзя паэт стаў недамагаць: цяжкая і невылечная хвароба — рак лёгкіх — прыносіла не толькі фізічныя пакуты М.Рудкоўскаму, але і выклікала творчую і духоўную дэпрэсію:

Не так хвалююць трэлі салаўёў,

Як трубы журавоў на небакраі.

Да гонару паэта, ён мужна змагаўся з цяжкай хваробай, знаходзячы паратунак у паэзіі і суцяшэнне — у шчымлівых думках-зваротах да любімай жанчыны: "Прашу: прыйдзі! Прыйдзі і на магілу ўсё той трывожнай, маладою, мілай…". Вяртаючыся да размовы пра М.Багдановіча, згадаем верш М.Рудкоўскага "Апошняя малітва", у якім аўтар вуснамі вялікага паэта дакладна перадае яго душэўны стан у апошнія дні жыцця, імкнецца разгадаць яго запаветныя жаданні. Адчуваецца, што яны супадалі з надзеямі смяротна хворага М. Рудкоўскага: "Краю мой любы, краю мой мілы, Як бы сустрэцца з табою хацеў!" Хутчэй за ўсё з такімі думкамі ды з клопатам пра сына Алеся вяртаўся Паэт у родны Востраў, каб знайсці там вечны прытулак на могілках побач з бацькамі, з аднавяскоўцамі, якія так шанавалі і любілі яго:

У краі тым, дзе сосны ў сонцы плачуць,

Ступіўшы да высокіх курганоў,

У краі тым, дзе й сёння голас матчын —

Бы колас пераспелы — пра сыноў.

 

Разделы сайта